:

Аб удзеле Пасла М.Ермаловіча ў цырымоніі ўскладання кветак да Мемарыяла шатландскага гандлёвага флота

04.05.2022 г.

Падчас працоўнага візіта ў Эдынбург напярэдадні вялікага свята Дня Перамогі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Максім Ермаловіч у прысутнасці членаў беларускай дыяспары ў Шатландыі ўсклаў кветкі да Мемарыяла шатландскага гандлёвага флота. Помнік узведзены ў гонар мараходаў, якія забяспечвалі дастаўку стратэгічных грузаў у гады Першай і Другой Сусветных войн.

Пасля ўскладання М.Ермаловіч адзначыў наступнае:

«Паўночныя канвоі адыгралі важную ролю ў дастаўцы ўзбраенняў, амуніцыі і харчавання ад заходніх саюзнікаў у Савецкі Саюз, які нёс асноўны цяжар барацьбы з фашызмам. Па праграме ленд-лізу за гады вайны паўночнымі морамі прайшлі 78 канвояў, у якіх прынялі ўдзел 1398 ваенных і гандлёвых караблёў, якія даставілі 4,5 млн. тон грузаў.

Сёння ў Беларусі мы ганарымся тым, што і ў гэтую, адну з тысяч і тысяч гераічных старонак летапісу Вялікай Айчыннай вайны, упісалі свае імёны нашы землякі. Не ўсе ведаюць, што каля 130 маракоў-беларусаў прымалі ўдзел у Паўночных канвоях, хадзілі з партоў Англіі і Шатландыі ў Мурманск і Архангельск у найскладанейшых умовах палярнай навігацыі і бесперапынных нападаў з боку варожай авіяцыі і флота. У свой час брытанскі прэм'ер Уінстан Чэрчыль назваў гэты маршрут «самым жудасным падарожжам на зямлі».

Як справядліва адзначаюць нашы сябры з «Беларускага саюза ваенных маракоў», імёны контр-адмірала Гурына Антона Іосіфавіча, гвардыі падпалкоўніка Архіпава Аляксандра Рыгоравіча, старэйшага мічмана Анфімава Барыса Васільевіча і многіх іншых маракоў надводнага і падводнага флоту па праве займаюць дастойнае месца ў шэрагу герояў. Асобныя словы падзякі і пажаданні здароўя і дабрабыту хацеў бы адрасаваць выпускніку знакамітай салавецкай школы юнг Шаршавіну Аляксандру Фёдаравічу, які пражывае ў Мінску, у свае больш чым паважаныя гады па-ранейшаму з'яўляецца захавальнікам памяці тых ужо легендарных часоў.

Сёння, ва ўмовах вельмі няпростай міжнароднай абстаноўкі, важна памятаць і разумець, што агульная барацьба і перамога народаў Савецкага Саюза і краін Захаду над фашызмам аб'ектыўна з'яўляецца, на наш погляд, натуральнай маральнай асновай справядлівага і добрасуседскага светаўладкавання.

Нажаль, занадта шматлікім уплывовым сілам выгодна забыцца або прынізіць значнасць досведу сумеснага эфектыўнага супрацоўніцтва нашых дзяржаў у імя агульнай мэты. І сённяшняе мерапрыемства накіравана на тое, каб прадэманстраваць нязменную пазіцыю Рэспублікі Беларусь аб недапушчальнасці забыцця ўрокаў Другой Сусветнай вайны».

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці